burger
map-header

г. Минск, ул. В. Хоружей, 3

phone-header

+375(17) 370 80 10

mail-header account
Концепция развития адвокатуры История адвокатуры Беларуси Как стать адвокатом Порядок и условия оказания юридической помощи адвокатами Политика БРКА в отношении обработки персональных данных Правила пользования сайтом БРКА Правила пользования юридической онлайн-консультацией Указ Президента Республики Беларусь "О Концепции правовой политики Республики Беларусь" Закон Республики Беларусь "Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь" Закон Республики Беларусь "О лицензировании" Закон Республики Беларусь "О порядке исчисления стажа работы по специальности" Постановление "Об утверждении Правил профессиональной этики адвоката" Постановление "О прохождении стажировки лицами, намеревающимися стать адвокатами" Постановление "О порядке проведения квалификационного экзамена" Госгарантии и льготы семьям, воспитывающим детей

Слаўнае Усходняе Палессе Беларусі

Опубликовано: 29 апр 2023

автор: БРКА

Слаўнае Усходняе Палессе Беларусі

“Абяцаюць нам новы раскошны дом,

Але тут нам жыць і канаць,

Тут пад кожным навекі здабытым бугром

Нашы продкі забітыя спяць.

Яны аддалі нам меч і касу,

Слова з вуснаў, цяпер нямых…

І нам немагчыма пайсці адсюль

І пакінуць са смерцю іх”

 

Уладзімір Караткевіч

 

Беларускае Палессе з’яўляецца ўнікальным рэгіёнам, які мае шматвекавую гісторыю, дробныя помнікі, традыцыі ў кожнай мясцовасці, непаўторную прыроду, які даў сапраўдныя таленты і гонар нашай Радзіме, што стварае каларыт і твар кожнага рэгіёна, таму прыцягвае ўвагу ўсіх зацікаўленных.

 

Як былы следчы адкрыў самы старажытны археалагічны помнік Беларусі і Еўропы

Калінкавіцкая зямля бярэ свой пачатак яшчэ ў старажытнасці, сведкі пра якую ўвайшлі ва ўсе падручнікі гісторыі Беларусі. Беларускія вучні, а таксама аматары і навукоўцы Беларусі і Усходняй Еўропы добра ведаюць вёску Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці, бо менавіта тут знайшлі стаянку першабытнага чалавека. А дзякуючы складанаму даследаванню атрымалася прыблізна вызначыць час яе ўзнікнення – больш за 26 тысяч гадоў таму.

Адкрыццё археалагічнага помніка адбылося зусім нядаўна, у пачатку ХХ ст., а па абставінам – выпадкова.

У гэты час у вёску прыехаў новы настаўнік Юльян Юльянавіч Попель. Ён нарадзіўся ў 1880 г. у Холмскай губерні ў сям’і протаіерэя. Скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і Санкт-Пецярбургскі археалагічны інстытут. Працаваў следчым Санкт-Пецярбургскага і Мінскага акружных судоў, з сакавіка 1919 г. – следчым Навагрудскага і Рэчыцкага паветаў. Заснаваў у 1918 г. грамадскую гімназію, а потым школу ў Юравічах, працаваў у ёй дырэктарам і настаўнікам.

Кожную раніцу Ю.Ю.Попель накіроўваўся ў школу па сцяжынцы, якая ішла ўгару па схіле таго самага яра, з якога час ад часу вымываліся буйныя косткі жывёл. Аднойчы на адну з іх настаўнік звярнуў увагу, уважліва агледзеў месца і прадметы, і раптоўна здагадаўся – тут палеаліт! Хутка напісаў паведамленне ў Мінск у Археалагічную камісію Інбелкульта (з 1929 г. – Беларуская акадэмія навук). Так у 1928 г. была адкрыта Юравіцкая палеатычная стаянка, раскопкі і даследаванне якой працягваюцца па сённяшні дзень.

Усяго на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна знойдзена 11 старажытных паселішч людзей: у наваколлі в. Юравічы, в. Слабодка і в. Шарэйкі. Звычайна яны былі каля рэк і возера.

У час раскопак былі знойдзены прылады працы, фрагменты ляпнога посуду, нават пахавальны абрад і манетны скарб з больш за 2,5 тыс. медных і невялікай колькасці срэбных манет перыяду Вялікага княства Літоўскага.

 

“Ты, Каліна, мая Каліначка…”

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Калінкавічы згадваюцца ў 1560 г. як сяло Багрымавіцкага староства Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, была акрэслена мяжа.

Існуе легенда аб паходжанні назвы горада Калінкавічы.

Калісьці вельмі даўно жыў на гэтай зямлі сталы князь. І была ў яго дачка-прыгажуня Каліна.

Увосень упрасіла яна свайго бацьку адпусціць яе ў лес у грыбы і ягады. Ды як пайшла Каліна, так і не вярнулася: ці то ў дрыгву трапіла, ці то з воўкам сустрэлася, гэта ўжо невядома.

Для князя гэта было, безумоўна, вялікае гора, таму ў памяць аб дачцэ пачаў саджаць вакол хаты маладыя дрэвы каліны, прыгаворваючы: “Ты, Каліна, мая Каліначка…” З таго часу і сталі называць горад Калінкавічамі.

Пра горад Калінкавічы беларускія пісьменнікі пісалі ў сваіх творах. Напрыклад, у рамане І.Я.Навуменка “Вецер у соснах” горад Калінкавічы праз прыём аўтабіяграфізму, праз працэс “мастацкай хімізацыі” называўся Гарбылі. Падаецца, што такую назву даў пісьменнік гораду таму, што яны першапачаткова размяшчаліся на пагорку, вакол якога існавала топкая, балоцістая мясцовасць.

 

Горад на скрыжаванні буйнейшых магістралей

Рост і развіццё мястэчка непасрэдна звязаны з будаўніцтвам чыгункі. Першы цягнік прыйшоў на станцыю Калінкавічы ў 1882 г., калі быў адкрыты рух па чыгуначнай лініі Брэст – Бранск. Гэтая чыгунка звязала Гомель, Рэчыцу, Калінкавічы, Лунінец, Пінск і Брэст – паўднёвыя гарады Беларусі. У канцы 90-х гг. ХІХ ст. пачалося будаўніцтва чыгункі Пецярбург – Адэса, якая праходзіла праз Оршу, Магілёў, Жлобін, Калінкавічы. А ў 1910 г. мястэчка стала чыгначным вузлом.

Вось як выразна паведамляецца гісторыя гэтай падзеі ў рамане І.Я.Навуменка “Вецер у соснах”:

“У канцы мінулага стагоддзя на Палескай раўніне пралягла чыгунка. Апроч таго, што дарога гэта звязала цэнтральныя хлебныя губерніі Расіі з прадмысловым нямецкім Захадам, яна мела іншыя мэты …. Падхопленныя ветрам нечаканых перамен, раслі новыя паселішчы. Найбольш пашанцавала Гарбылям, размешчанай сярод саснякоў вёсачцы, якая налічвала дваццаць двароў. З Палескай чыгункай якраз у Гарбылях скрыжавалася другая, якая вяла з пшанічнай Украіны ў багатую лесам Беларусь.

Пасля таго, як над Палессем пранеслася вогненная віхура рэвалюцыі, схлынулі навалы акупацый – спачатку нямецкай, кайзераўскай, потым белапольскай, - чыгуначны пасёлак Гарбылі стаў называцца горадам. На гэта былі падставы. Такой станцыі, як у Гарбылях, мог пазайздросціць і вялікі – які мае шматвекавую гісторыю і традыцыі – горад. Стальныя ніці рэек апляталі разлеглы прастор. Побач са станцыяй двух- і трохпавярховыя камяніцы, у якіх атабарыўся чыгуначны люд. Муры рамонтных майстэрань, вагоннае дэпо, службаў руху і пуцейскай гаспадаркі, пакгаузы, блок-пасты, складскія памяшканні выбіваліся за межы горада.

Перад вайной Гарбылі памячаліся на картах прыкметным кружочкам, значна большым, чым астатнія, найболей старажытныя і тутэйшыя паселішчы. У дадатак да чыгункі тут праз горад прайшла шаша. З левага боку, у сасняках, што падступаюць да самага прадмесця, схаваны ад цікаўнага вока, вырас ваенны гарадок – акуратныя гамахі белых карпусоў, доўгія цагляныя казармы. Тут размяшчалася пяхотнае вучылішча. А крыху далей, на шырокім, атуленым лесам полі быў збудаваны ваенны аэрадром.”

 

СМУГНАР і Азарыцкі лагер смерці

Ваенныя падзеі першай паловы ХХ ст. назаўсёды застануцца самай трагічнай старонкай для Беларусі, у тым ліку для г. Калінкавічы і Калінкавіцкага раёна.

Полымя непрымірымай барацьбы было напрацягу ўсяго часу Вялікай Айчыннай вайны. Юнакі і дзяўчаты Калінкавіч арганізоўвалі групы, каб змагацца з фашыстамі. Падлетак Косця Ярмілаў ездзіў па вёсках, сустракаўся з сябрамі, былымі аднакласнікамі, моладдзю, дзяліўся і раіўся з імі сваімі планамі, шукаў зброю.

1 чэрвеня 1942 г. адбыўся сход, на якім былі абмеркаваны арганізацыйныя пытанні і выпрацаваны план дзеянняў. З гэтага часу ў горадзе ўзнікла камсамольскае падполле “СМУГНАР” («Смерть угнетателям народа»).

Юныя героі слухалі Маскву па прыёмніку, запісвалі зводкі Саўінформбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, паведамляючы пра становішча на фронце. Смугнараўцы разграмілі шэраг пунктаў збору прадуктаў для нямецкай арміі, распаўсюджвалі агітацыйныя лістоўкі, знішчылі мост, такім чынам спыніўшы рух нямецкіх эшалонаў да фронту, і інш.

У сваім дзённіку Косця Ярмілаў пісаў пра справу з мастом з хваляваннем, бо, калі здарыўся выбух, мадз’яры, якія ўспелі праскочыць па масту, пачалі стральбу. Немцы з Калінкавіч не зразумелі і пачалі страляць па мадз’ярам. А славакі, якія знаходзіліся ў трохпавярховым будынку, адкрылі стральбу і па немцам, і па мадз’ярам. Атрымалася цэлая каша, якая працягвалася паўночы. Усё гэта юнак чуў дома. Чуў, як моцна б’ецца яго сэрца, бо яны, такія маленькія людзі, спынілі рух фашысцкіх эшалонаў.

У жніўні 1942 г. па даносе здрадніка ўдзельнікі СМУГНАРа былі схоплены і растраляны.

Справу загінуўшых герояў працягвалі іншыя патрыёты. І не было спакою ворагам на захопленай імі зямлі ні ўдзень, ні ўначы…

 

***

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў пачатку сакавіка 1944 г. на тэрыторыі раёна непадалёку ад мястэчка Азарычы быў створаны канцэнтрацыйны лагер або лагер смерці, у распрацоўцы якога прымала ўдзел вышэйшае кола кіраўнікоў фашысцкай Германіі. Колькасць ахвяр была больш за 50 тысяч непрацаздольных савецкіх грамадзян. У сувязі з паражэннямі германскай арміі на савецка-германскім фронце фашысты пачалі шырока практыкаваць новыя зверскія спосабы знішчэння савецкіх людзей. Іх утрымлівалі ў нечалавечых умовах: у вільгаці і холадзе, сярод сыпна-тыфозна хворых, на балоцістай мясцовасці, дзе адсутнічалі пабудовы і ежа, ціснулі маразы, а абгароджаная калючым дротам тэрыторыя была замініравана.

У той перыяд часу вялізная колькасць дзяцей і немаўлят, жанчын, у тым ліку цяжарных жанчын, і сталых мужчын загінула ад знясілення і голаду, пераахалоджвання, запалення лёгкіх, сыпнога тыфу, сухоты або былі забіты немцамі.

Ствараючы канцлагер у Азарычах, фашысты мелі на мэце наўмыснае заражэнне і знішчэнне грамадзян, распаўсюджванне эпідэміі сыпнога тыфу ў лагеры, каб надалей на шляху наступлення Чырвонай Арміі ён успыхнуў непасрэдна ў ёй, і такім чынам хвароба стрымала бы наступленне савецкіх салдат.

Але дзякуючы мужнасці і несмяротнаму подзвігу савецкіх салдат, гэтыя планы не спраўдзіліся.

 

Як маршал Ракасоўскі кватараваў на Калінкавіцкай зямлі

Вядомая аперацыя “Баграціён” была адной з самых значных аперацый у Другой сусветнай вайне, дзякуючы якой Беларусь была цалкам вызвалена, а фашысцкія захопнікі пацярпелі сакрушальнае паражэнне.

Выдатны палкаводзец, маршал Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскі быў адным з распрацаўнікоў гэтай аперацыі (стратэгіі, тактыкі і месца прарыву фронта), кіраваў ІІ Беларускім фронтам. Менавіта па яго ініцыятыве быў нанесены галоўны і нечаканы ўдар па ворагу, які размяшчаўся ў балоцістай мясцовасці Светлагорскага раёна. У сувязі з гэтым неабходна было перанесці стаўку камандуючага бліжэй да месца запланаванага ўдару, бо на той момант (напрыканцы вясны 1944 г.) яна знаходілася ў Гомелі.

Новым месцам стаўкі стала вёска Халоднікі Калінкавіцкага раёна, што невыпадкова, так як вядома, побач знаходзіцца чыгуначны вузел Калінкавічы, у вёсцы Бабровічы разгарнуўся новы аэрадром, а да лініі фронту заставалася каля 25-30 км.

Жыллём для К.К.Ракасоўскага была абрана хата Мікалая Максімавіча Хамяка, якая знаходзілася на самым канцы вёскі і хавалася сярод зеляніны вішань, яблынь і бэзу. Гаспадар асабліва не пярэчыў, але тлумачыў, што ў вёсцы ёсць і іншыя, больш прасторныя і лепшыя хаты. Аднак рашэнне было прынята ваеннымі канчаткова.

У хату Мікалая Максімавіча правялі тэлефон і электрычнасць ад акумулятара, абсталявалі рацыяй, нават прыехаў грузавік з кабінетам, спальняй і кухняй.

Сам Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі з’явіўся ў хуткім часе ў вёсцы. Яго ахова была на ўсёй тэрыторыі домаўладання. Маршал на світанні пакідаў стаўку і незаўсёды адразу вяртаўся назад. Потым стала вядома, што ён правяраў канцэнтрацыю войск, аглядаў дарогу з бярвення па непраходных месцах на балоце, наведваў Бабровічы, дзе размяшчаліся бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі.

Вядома, што напярэдадні наступлення (24.06.1944) К.К.Ракасоўскі правёў сакрэтную нараду з камандным саставам у садзе гаспадара дома Мікалая Максімавіча.

Жыхары вёскі Халоднікі ніколі ў сваёй мясцовасці не бачылі такую колькасць афіцэраў – ад лейтэнантаў да генералаў.

Па ўспамінах жыхароў, сам маршал Савецкага Саюза быў пры поўным парадзе – увесь у ордэнах і медалях.

У апошні дзень камандуючы запрасіў да сябе Мікалая Максімавіча, сардэчна выказаў яму падзяку за прытулак, папрасіў прабачэння за пэўныя турботы, абняў, моцна паціснуў руку і пачаставаў франтавым чаем.

Гэтай сустрэчай Мікалай Максімавіч Хамяк ганарыўся да канца сваіх дзён і ахвотна аб ёй расказваў.

 

“На Палессі тры Іваны пішуць добрыя раманы”, доктар юрыдычных навук і іншыя зоркі Калінкавіцкай зямлі

Выдатных грамадскіх дзеячаў навукі, спорту і культуры дала Калінкавіцкая зямля, хто сваёй самааданай дзейнасцю садзейнічаў грамадска-палітычнаму, сацыяльнаму прагрэсу, сваёй плённай і руплівай працай ствараў шматлікія помнікі культуры і мастацтва.

У 60-80-я гады мінулага ХХ ст. на слыху было вядомае выслоўе “На Палессі тры Іваны пішуць добрыя раманы”. Пад Іванамі разумеліся народныя пісьменнікі Беларусі Іван Паўлавіч Мележ, які нарадзіўся ў в. Глінішча Хойніцкага раёна, Іван Пятровіч Шамякін, радзімай якога была в. Карма Добрушскага раёна, і Іван Якаўлевіч Навуменка, які нарадзіўся ў пас. Васілевічы. Менавіта гэтыя тры тытаны беларускага прыгожага пісьменства і прыносілі пісьменніцкую славу Усходняму Палессю, геграфічным цэнтрам якога можна лічыць Калінкавіцкі край.

Народнаму пісьменніку Беларусі, акадэміку І.Я.Навуменка ў 2020 г. споўнілася б 95 год. Нарадзіўся ён 16 лютага 1925 г. у гарадскім пасёлку Васілевічы Рэчыцкага раёна. Самі Васілевічы знаходзяцца на самой мяжы сучасных Калінкавіцкага і Рэчыцкага раёнаў, таму калі браць у больш шырокім сэнсе Калінкавіцкая зямля з’яўляецца роднай для пісьменніка.

Акрамя таго, у 1946-1951 гг. І.Я.Навуменка працаваў у тагачаснай Палескай вобласці карэспандэнтам абласной газеты “Бальшавік Палесся”, рэдакцыя якой знаходзілася ў Мазыры. Быў адказны за так званы тэрытарыяльны куст, у які ўваходзілі Васілевіцкі, Калінкавіцкі і Даманавіцкі раёны, землі якіх цалкам ці часткова зараз уваходзяць у Калінкавіцкі раён.

Творчасць пісьменніка была прысвечана таксама гораду Калінкавічы, які ў творах ён называе Гарбылямі.

Палеская зямля ўшанавала памяць знакамітых пісьменнікаў, што дапамагае ў выхаванні моладзі і спрыяе захаванню гісторыка-культурнай спадчыны.

Так, у гонар І.П.Шамякіна названы Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, а І.П.Мележа – Мазырскі драматычны тэатр.

Калінкавіцкі раён і г. Калінкавічы далі краіне славутыя імёны мастакоў і паэтаў, артыстаў і спевакоў, спартсменаў, выдатнікаў сельскай гаспадаркі, навукоўцаў, дактароў і кандыдатаў навук, палітычных і грамадскіх дзеячаў.

Малой радзімай г. Калінкавічы з’яўляецца для бліскучага і таленавітага юрыста, прафесара, доктара юрыдычных навук Я.І.Функа.

Гонарам Калінкавіцкай зямлі з’яўляецца Раман Пятрушэнка, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў. Мае паспяховыя вынікі ў розных чэмпіянатах Еўропы і свету ў складзе байдаркі-чацвёркі.

Знакаміты савецкі і расійскі паэт Я.А.Яўтушэнка гэтаксама мае калінкавіцкія карані. Па мацярынскай лініі ён беларус. Яго дзед з вёскі Хамічы Калінкавіцкага раёна, куды паэт некалькі разоў прыязджаў. Падчас свайго чарговага прыезда ў 2015 г. у інтэрв’ю Я.А.Яўтушэнка прызнаваўся, што яго цягне ў Беларусь, а размовы з беларускімі родзічамі зараджаюць энергіяй.

 

Скокі да ўпаду – і смех да слёз

Вёскі Вялікія і Малыя Аўцюкі лічацца своеасаблівай сталіцай гумару на Беларусі. Тут жывуць вясёлыя і бяскрыўдныя жыхары, якія з задавальненнем знаходзяць падставу для жарту ў кожным жыццёвым выпадку. Так, упэўнены ў Аўцюках, лягчэй крочыць па жыцці. Лепш жартаваць, чым гараваць.

У вёсках нават пяшчотным словам Каласок называюць мужчыну, а не менш пяшчотным Калінка – жанчыну.

Першы фэст гумару прайшоў у 1995 г. Каб не было крыўдна ні Вялікім, ні Малым Аўцюкам, ён быў праведзены паміж дзвюма вёскамі пад старымі разгалістымі дубамі. Свята наведвалі і наведваюць шматлікія госці: вядомыя пісьменнікі, артысты, славутыя землякі, калектывы мастацкай самадзейнасці як з усёй Беларусі, так і замежжа.

Гасцей частуюць, разыгрываюць, ідзе сапраўднае саперніцтва як паміж аўцюкоўцамі, так і паміж гасцямі ва ўсіх накірунках: у жартах, пачастунках, песнях, някрыўдных насмешках.

У свой час “Народная газета” адвяла цэлую старонку для аўцюкоўскіх анекдотаў.

Народны артыст СССР Ігар Лучанок напісаў гімн “Аўцюкоўцы” (словы паэта Івана Карэнды).

З цягам часу свята гумару ладзіцца два дні: у першы дзень – у Аўцюках, у другі дзень гасцей сустракае горад Калінкавічы.

Лёс аўцюкоўцаў, ды наогул жыхароў Калінкавіцкага краю паказвае надзвычайна працавіты, таленавіты беларускі народ, які ўмее не толькі добра працаваць, але і прыгожа, весела адпачываць, дасціпна жартаваць.

   

Кацярына Змушка, адвакат юрыдычнай кансультацыі Калінкавіцкага раёна

 

6834052ccc15cf079417957cda516422.jpg772-17.jpg000023_A7DC07D5F996FDF043258751003EA56C_304218.jpg

Опубликовано: 29 апр 2023
Автор: БРКА

Другие новости